РЭ́ЖЫЦКА-ДЗВІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя сав. войск 2-га Прыбалт. фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) 10—27 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 10-я гвардз., 3-я і 4-я ўдарныя, 22-я арміі, 5-ы танк. корпус. Ім процістаялі часці 16-й ням. арміі групы армій «Цэнтр» з глыбокаэшаланіраванай сістэмай і 5 умацаванымі лініямі. Задача аперацыі: разграміць групоўку праціўніка ў раёне гарадоў Ідрыца, Себеж (Расія), Дрыса (Верхнядзвінск), авалодаць рубяжом Рэзекне (Рэжыца)—Даўгаўпілс (Латвія), развіць наступленне на Рыжскім напрамку і ва ўзаемадзеянні з войскамі 1-га Прыбалт. фронту адрэзаць прыбалт. групоўку ворага ад камунікацый, што звязвалі яе з Германіяй. У ходзе аперацыі вызвалены райцэнтры Расоны, Верхнядзвінск (12 ліп.), Асвея (17 ліп.), чыг. ст. Бігосава (18 ліп.) і інш. нас. пункты Беларусі; фронт выканаў пастаўленую задачу, былі створаны спрыяльныя ўмовы для пераходу ў наступленне войск 3-га Прыбалт. фронту.
т. 13, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)